wrapper

Новости - слайдер на главной

Тизенгауз Антоний

Tyzenhaus

Палітычны і грамадскі дзеяч Вялікага княства Літоўскага, асветнік у Беларусі і ў Літве. 

Нарадзіўся ў 1733 г. на Гарадзеншчыне (па іншым звесткам – у Вільне). 

Адукацыю атрымаў у езуіцкай калегіі ў Вільне. 

З 1764 канюшы літоўскі, з 1765 падскарбі надворны літоўскі, староста гродзенскі. 

У 1765 па даручэнні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ён прыняў кіраўніцтва каралеўскімі эканоміямі на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Як гродзенскі староста вырашыў упарадкаваць Гродна на ўзор сталіцы дзяржавы. Па яго ініцыятыве ў 1760-80 гг. побач з горадам у в. Гарадніца быў пабудаваны прамыслова-культурны цэнтр з 85 будынкаў рознага прызначэння, што ўтваралі 3 асобныя зоны: адміністрацыйную, вытворчую, навучальную (пазней увайшлі ў межы г. Гродна). 

У прадмесцях Гродна былі заснаваны і дзейнічалі фабрыкі: суконная, шаўковая, палатняная, камлотная, карункавая, панчошная, капялюшная, карэтная, шаўковых паясоў, ігральных карт, збройнай, гарбарная, а таксама завод жалезных і медных вырабаў. 
Аднак, як і большасць тагачасных прадпрыемстваў, працавалі яны з малым прыбыткам або нават са стратай. 

Значную ўвагу надаваў Тызенгаўз і земляробству. Для вывучэння спосабаў павелічэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур Тызенгаўз накіраваў свайго аднадумца Даўнаровіча ў Англію вывучаць агратэхніку. Каб падняць узровень жывёлагадоўлі, ён закупляў пародзістыя віды жывёл. Але аграрная рэформа, праведзеная ім у Шавельскай эканоміі, грунтавалася на ўзмацненні паншчыны, што выклікала незадаволенасць сялян, а ў 1769 нават і паўстанне. 

З намерам пашырэння асветы ў краі Тызенгаўз заснаваў у Гродне кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, медыцынскую і іншыя школы. У медыцынскай школе на сродкі Тызенгаўза і падараванні Панятоўскага была створана бібліятэка спецыяльнай літаратуры. Пасля ліквідацыі гэтай школы яе кнігазбор адышоў да Галоўнай школы ў Вільні. 

Тызенгаўз быў не толькі буйным фінансістам і адміністратарам, але даволі адукаваным і культурным чалавекам свайго часу. Заснаваўшы дзесяткі мануфактур і навучальных устаноў, ён стварыў і свой тэатр, у які запрашаў балетмайстраў, замежных артыстаў, музыкантаў, спевакоў і харэографаў, у тым ліку братоў Г. і Л. Петынеці з Неапаля. Для падрыхтоўкі ўласных артыстаў з прыгонных сялян ён стварыў тэатральную школу. У 1772 Тызенгаўз паслаў для навучання за мяжу прыдворнага капельмайстра А. Сітанскага. Навучэнцамі ў тэатральную школу найчасцей бралі дзяцей прыгонных сялян з яго маёнткаў. Там вучні набывалі акцёрскія навыкі, вучыліся іграць на музычных інструментах. У праграму заняткаў уваходзілі танец, спевы, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазіцыя. Выкладаліся і агульнаадукацыйныя прадметы (пісьмо, арыфметыка, французская і італьянская мовы, маляванне), а таксама рукадзелле, чыталіся лекцыі па агульным выхаванні. Школа давала даволі добрую падрыхтоўку, яе вучні выступалі ў спектаклях тэатра. Выхаванцы гэтай школы артысты .балета Е. Валінскі, Д. Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі, спявачка М. Сітанская пазней праславіліся ў польскім тэатры. Тэатр, які пачынаўся з невялікага ансамбля інструментаў і вакалістаў, да 1778 дасягнуў высокага прафесійнага ўзроўню і стаў шматпрофільны. На яго сцэнах былі ажыццёўлены пастаноўкі оперы А. Грэты «Магніфік», камедыі П.Бамаршэ «Севільскі цырульнік» і інш. Прыдворны аркестр, так званая капэла Тызенгаўза, належаў да найбольшых і найлепшых па прафесійным узроўні калектываў падобнага характару ў княстве Літоўскім і славіўся за яго межамі. Так, у 1780 гэтая капэла была ангажыравана ў Нацыяльнальны тэатр у Варшаве. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, сімфоніі, розныя жанры бытавой музыкі. Пасля адстаўкі Тызенгаўза тэатральная школа, балетная трупа і частка капэлы былі пераведзены ў г. Паставы.

У 1775 Тызенгаўз набыў у Вільні друкарню, якой да таго валодаў М. Пачобут-Адляніцкі. У гэтай друкарні выдаваліся падручнікі, календары, часопіс «Gazety Wilenskie» («Віленскія газеты»). У 1775-76 Тызенгаўз арганізаваў першую друкарню ў Гародне і быў адным з яе арандатараў. Частка абсталявання была ўзята з Віленскай друкарні, астатняе закуплена ў Круляўцы (Кёнігсбергу). Першыя выданні друкарні выйшлі на пачатку 1776. Тут друкаваліся арыгінальная і перакладная літаратура, навуковыя працы, падручнікі, стараславянскія, польскія, лацінскія малітоўнікі, «Каляндар гаспадарчы», «Літоўскі веснік», афіцыйныя дакументы і інш., а таксама першае на Беларусі перыядычнае выданне, ініцыятарам якога быў Тызенгаўз, «Gazeta Grodzinska » («Гарадзенская газета»). Друкарня існавала да 1802 года.

Няўдалая гаспадарчая палітыка (убытковасць многіх мануфактур), інтрыгі магнатаў, незадаволеных актыўнай дзейнасцю Тызенгаўза, сталі прычынай адхілення ў 1780 Тызенгаўза ад кіравання эканоміяй. Апошнія гады жыцця ён правёў у Паставах.

Тызенгаўзу былі блізкія і зразумелыя ідэі Асветніцтва. У тэатры ён бачыў не крыніцу прыбыткаў, а сродак асветы, інструмент выпраўлення нораваў і ўсталявання роднай мовы. Свае дзеянні ён апраўдваў клопатам пра цывілізацыю тутэйшага краю. Думкі, выказаныя ім пра выхаваўчую ролю тэатра, былі сугучныя палажэнням французскіх асветнікаў, асабліва Д. Дзідро. Але ў адрозненне ад апошняга ён лічыў, што тэатр існуе толькі для прывілеяванай часткі грамадства, шырокіх колаў шляхты, а не для мяшчан, рамеснікаў, гандляроў і неадукаваных сялян. Таму яго тэатр не стаў агульнадаступным, агульнанацыянальным. Каб надаць сваім пачынанням пэўную важкасць, Тызенгаўз вёў перапіску з Ж.Ж. Русо і прапаноўваў яму пераехаць у Гародню або ў Белавежскую пушчу.

Памёр 31 сакавіка 1785 года ў Варшаве.

Літ: Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. Даведнік / Рэд кал. Г.П. Пашкоў і інш.; Маст. У.М. Жук. – Мн.: БелЭН, 2001. – С. 321-323

Источник: ЭКОНОМИКА.BY


Read more...

Миссия

Продвигать аналитику для информирования и выработки доказательной политики, адвокатировать развитие частного сектора.

Портал ЭКОНОМИКА.BY

О портале

For using special positions

https://ekonomika.by

For customize module in special position

https://ekonomika.by

Template Settings

Color

For each color, the params below will give default values
Blue Green Red Radian
Select menu
Google Font
Body Font-size
Body Font-family