У Еўропе працэс Адраджэння распачаўся ў Італіі прыкладна з 1300 года. Закладзеныя раней універсітэты (у Балоніі заснаваны ў 1088 г., Падуі – 1222, Нэапалі – 1224, Генуі – 1246) прынеслі пэўны плён. Але вызначальным штуршком для развіцця палітычнай думкі, з якой потым выйшла палітычная эканомія, з’явілася паўторнае адкрыццё італьянцамі ў пачатку XV ст. твораў Платона (па версіі А. Дэні ў 1423 г., у ліку 238 кніг, перавезеных з Грэцыі ў Венецыю), Цыцэрона, Гамера і іншых антычных творцаў. У астатніх частках Еўропы – Паўночнай, Заходняй і Ўсходняй, – Адраджэнне пачалося амаль на стагоддзе пазней, а дакладней – у пач. XVI ст. у Галандыі (з дзейнасцю Эразма Ратэрдамскага, і толькі ў 2-ой палове XVI ст. у Францыі (з творамі Рабле і Мантэня). “Прычына такога храналагічнага змяшчэння палягала ў тым, што гаспадарчае і агульнакультурнае адставанне гэтых рэгіёнаў запаволілі пераход ад сярэнявечча да новых часоў” (Конан У., ЭГБ, Т1, С. 61). Напрыклад, першыя ўніверсітэты ў Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе былі заснаваны толькі ў XIV ст. і яшчэ больш у XV ст. (у Праге – 1348 г., Кракаве – 1364, Вене – 1365, Ляйпцыгу – 1409, Братыславе – 1467, Капенгагене – 1479).
У беларускай гістарыяграфіі склалася традыцыя адлічваць пачатак Адраджэння з выхаду твораў Ф. Скарыны (1517-19 гг., свецкае выданне Бібліі) і М. Гусоўскага (1523, “Песьня пра зубра”). Заўважым, што Скарына (1485-1541) і Гусоўскі (1470-1533) практычна былі аднагодкамі Э. Ратэрдамскага (1467-1536). З іншага боку, заўважна адна супярэчнасць: творы Скарыны маюць шмат спасылак на Арыстоцеля, а, напрыклад, А. Дэні сцвярджае, што Адраджэнне пачалося з адкрыцця твораў Платона, і як раз з крытычнага пераасмыслення твораў Арыстоцеля і Т. Аквінскага “З Адраджэння ў Еўропе… у навуковай галіне Арыстоцель і Т. Аквінскі былі не ў модзе; усе схіляліся да ідэй, знойдзеных у Платона і яго вучняў” (Дэні А., С. 96).
Як траплялі творы антычных аўтараў у Вялікае княства Літоўскае. Творы Арыстоцеля, Платона, Гамера і іншых антычных мысляроў траплялі ў Вялікае княства рознымі шляхамі. У 1539 годзе А. Кульва адкрыў лютэрыянскую школу і перадаў ёй уласную багатую бібліятэку, дзе меліся кнігі Платона, Гамера, і інш. (Саверчанка… С. 15). Асобныя творы антычных аўтараў альбо вытрымкі з іх былі даступны беларускім мыслярам напэўна са славянскіх перакладаў XI-XIV ст.ст., а таксама заходне-еўрапейскіх выданняў 2-ой паловы XV – XVI ст.ст. (Саверчанка І., С. Будны.. С. 63). (заўвага. Пра славянскія пераклады, напэўна гэта праўда, бо М. Доўнар-Запольскі сцвярджае, што К. Смаляціч спасылаўся ўжо на Гамера, Платона і Арыстоцеля, і таксама выказаў меркаванне, што гэта, відаць былі славянскія пераклады кніг, прывезеных з Усходняй рымскай імперыі; пра другое таксама праўда, гэта пацвярджае А. Дэні. Кніга Цыцэрона “Аб абавязках” у перакладзе Станіслава Кашуцкага выйшла ў ВКЛ у Лоску ў 1575 г. і ў Вільне (1583, 1593). У сваёй працы “Пра свецкую ўладу” (1583) С. Будны ўжо спасылаецца на яе, а таксама на творы Платона. Сучасны даследчык І. Саверчанка сцвярджае, што ўслед за Платонам (“Дзяржава”), Арыстоцелем (“Палітыка”) і Сэнэкам, беларускія мысляры эпохі Адраджэння найлепшай формай дзяржаўнага ладу абвяшчалі манархію (С. 63). Гэта рабілі, напрыклад, С. Будны і Т. Білевіч.
Нікога з мысляроў, якія жылі ў арыстоцелеўскі перыяд, нельга назваць “эканамістамі” ў тым сэнсе, які сёння ўкладаецца ў гэтае слова. Але сучаснікаў можа цікавіць тое, як яны падыходзілі да вырашэння эканамічных пытанняў.
Аўтар: У.А. Акуліч
Источник: ЭКОНОМИКА.BY