wrapper

Новости - слайдер на главной

Стройновский Валериан

У прыналежнасці да тэрыторыі, на якой нарадзіўся, жыў, працаваў і аб якой пісаў у сваіх творах (галоўным чынам, аб Валыні, Падоліі, Галіцыі, і аб той зямлі, на якую ў той час распаўсюджваўся назоў Украіна), сёння ёсць падставы залічваць Валерыяна Страйноўскага (1759-1834) да ліку ўкраінскіх эканамістаў (асабліва, калі дадаць да гэтага яшчэ тое, што адну са сваіх прац ён выдаў у Луцку) [1]. У прыналежнасці ж да фундаментальнага цэнтру развіцця эканамічнай навукі, якога ён трымаўся, а гэта быў у асноўным Віленскі ўніверсітэт, яго навуковую спадыну і дзейнасць можна разглядаць таксама ў кантэксце гісторыі эканамічнай думкі Беларусі (а таксама, і сучаснай Літвы). Нарэшце, улічваючы мову, якой ён карыстаўся, і свядомасць, якую ён меў, яго можна залічваць і да польскіх эканамістаў (як гэта і робяць польскія, а разам з імі, і расійскія даследчыкі). Такім чынам, В. Страйноўскі – постаць з агульнай гісторыі, якая належыць усім суседнім народам – беларусам, украінцам, палякам, рускім і літоўцам.

Адным з першых, хто назваў В. Страйноўскага беларускім мысліўцам, быў сучасны філосаф В. Шалькевіч, які зрабіў гэта ў сваёй працы, прадстаўленай у форме даклада на доктарскую дысертацыю (1993). За ім паследавала гісторык М. Сакалова, якая ў сваёй кандыдатскай дысертацыі (2002), спаслаўшыся на звесткі В. Шалькевіча, вынайшла яшчэ адну нагоду для ўзгадкі В. Страйноўскага, – па яе інфармацыі, ён чытаў лекцыі ў Віленскім універсітэце. Да ўжо названых, можна ўказаць яшчэ некалькі прычын, якія даюць падставу для вывучэння навуковай спадчыны В. Страйноўскага ў кантэксце гісторыі эканамічнай думкі Беларусі. Ён быў абраны ганаровым сябрам Віленскага ўніверсітэту з фармуліроўкай “сенатар, знакаміты эканаміст” (цікава, што ў тым спісе, нават С. Сісмандзі і Я. Храбтовіч не былі пазначаны, як эканамісты). У Вільне ён выдаў не адну, як гэта прынята лічыць, а, прынамсі, дзве кнігі: акрамя сваёй, за ўласны кошт, ён выдаў рускі пераклад кнігі свайго роднага брата Гераніма Страйноўскага (1752-1816), рэктара Віленскага ўніверсітэта (1799-1806) і таксама эканаміста (браты Геранім і Валерыян Страйноўскія нарадзіліся ў с. Ходачкава, цяпер у Крэмянецкім раёне Цярнопальскай вобл.; увогуле ж, род Страйноўскіх быў унесены ў VI ч. радаслоўных кніг Валынскай, Мінскай і Падольскай губерній). Увогуле, трэба адзначыць, што браты падтрымлівалі паміж сабой вельмі цесныя творчыя сувязі; яны разам былі сябрамі Таварыства аматараў навук у Варшаве, якое ўзначальваў вядомы беларускі фізіякрат Я. Храбтовіч; і, акрамя таго, як справядліва адзначыў В. Шалькевіч (1993), “В. Страйноўскі ў сваёй кнізе “Аб пагадненні памешчыкаў з сялянамі” (1808) фактычна развіваў ідэі кнігі свайго брата, выдадзенай у Вільне ў 1785 г.” (у гэтай кнізе В. Страйноўскі каля 20-ці разоў спасылаўся на адно толькі 5-е рускамоўнае выданне кнігі Г. Страйноўскага, і рабіў так, хутчэй за ўсё, таму, што на той момант, гэта быў адзіны ў Расіі падручнік па палітэканоміі на рускай мове) [2]. Застаецца пакуль невядомым за якія заслугі В. Страйноўскі быў абраны ганаровым сябрам Віленскага ўніверсітэту; можна выказаць здагадку, што заслужыў ён гэта ўсё ж ня тым, што чытаў лекцыі, а тым, што прымаў актыўны ўдзел у Салоне фізіякратаў, які функцыянаваў пры Віленскім універсітэце (1774-1806). У любым выпадку, можна сцвярджаць, што В. Страйноўскі быў цесна інтэграваны ў кола мясцовых беларускіх фізіякратаў.

Яго кніга “Аб пагадненні памешчыкаў з сялянамі” (1809) уяўляла сабой абгрунтаванне неабходнасці адмены прыгоннага права ў Расіі. Для гэтага ён выкарыстаў розную аргументацыю: ад агляду гісторыі адмены сялянскага прыгону ў краінах Еўропы да аргументаў маральнага зместу. Так, вучоны-эканаміст звяртаў увагу грамадзянства, што “па мяжы Расіі з Еўрапейскага боку няма ўжо амаль нідзе падданства і рабства земляробаў, і што Расія ў гэтым павінна следаваць прыкладу ўсёй Еўропы” [3, c. 33]. “Чалавек ня можа быць уласнасцю іншага чалавека, як ускормленыя ў гаспадарцы, альбо купленыя, конь ці бык” [3, c. 8]. Ён заклікаў пакінуць за людзьмі іх прыроднае права асабістай вольнасці і права на валоданне ўласнасцю. Пераконваў іншых памешчыкаў ўласным прыкладам: “даючы гэту параду, я ў той жа час звальняю сам ад рабства і падданства некалькі тысяч сялян, якія жывуць у маіх вотчынах, са ўсім іх патомствам” [3, c. 38]. Яшчэ за 50 гадоў да адмены прыгону, ён прадказваў непазбежнасць наступлення гэтай падзеі ў Расіі, бо, як ён лічыў, гэтаму будуць спрыяць распаўсюджванне асветніцтва і памнажэнне прыкладаў асобных землеўладальнікаў. З гэтага ўсяго відаць, што В. Страйноўскі, быў сапраўдным прыхільнікам ідэй Асветніцтва. 

Па ўласнаму прызнанню В. Страйноўскага [3, c. 4], кнігу “Аб пагадненні памешчыкаў з сялянамі” ён разглядаў як сваеасаблівую прэлюдыю да свайго асноўнага твору “Усеагульная эканомія народаў”, які пабачыў свет у 1816 г. (на польскай мове) і выйшаў у 4-х тамах (таму абедзве кнігі можна раглядаць у адной звязцы) [4]. Трэба ўдакладніць, што пад “усеагульнай эканоміяй” В. Страйноўскі разумеў ні што іншае, як “палітычную эканомію”, аб чым сам паведамляў у прадмове [5, с. 1]. Усеагульную ж, альбо Палітычную эканомію народаў, ён падзяляў на дзве часткі – Навуку аб дзяржаўнай гаспадарцы, якая, на яго думку, павінна была ўтрымліваць звесткі аб самой народнай гаспадарцы, і непасрэдна Палітычнаю эканомію, якая павінна была ўтрымліваць звесткі аб дзяржаўным кіраванні народнай гаспадаркай [5, c. 1], ці іншымі словамі, прадстаўляць сабой тэорыю, якая павінна даваць магчымасць разумення рэчаў ва ўсіх адносінах, прыносячы тым самым карысць народам, якія не могуць пакуль зраўняцца з іншымі ў багаццях [5, c. III]. 

Першыя 4-ы тамы кнігі “Агульная эканомія народаў”, па ўласнаму прызнанню В. Страйноўскага, уяўляюць сабой закончаную працу над так званай Агульнай Дзяржаўнай Эканоміяй, альбо над Навукай аб дзяржаўнай гаспадарцы (г.зн. толькі над першай уяўляемай часткай); другую ж частку, – непасрэдна Палітычную эканомію, ён збіраўся выдаць асобнай кнігай, альбо ў выглядзе дадатковых тамоў (відаць па ўсяму, яму гэта не ўдалося). Хоць па праўдзе кажучы, ужо гэты твор В. Страйноўскага больш нагадвае не кнігу, прысвечаную народнай гаспадарцы мясцовага краю, а кнігу, прысвечаную выкладу асобных раздзелаў навукі “палітычная эканомія”. Так, першы том хоць і мае назву “Звесткі аб народнай гаспадарцы”, але змяшчае традыцыйную для фізіякратычных падручнікаў па палітэканоміі структуру: падзел на тры класы, абгрунтаванне іх даходаў і адносіны іх да ўласнасці. Астатнія ж тры тамы, дык амаль цалкам прысвечаны разгляду асобных пытанняў палітэканоміі (другі – гісторыі паходжання і сутнасці грошаў, трэці – гандля, чацвёрты – падаткаў, крэдыту і пазыкі), хоць сапраўды па стылю апісання больш падобны не да строгага выкладу эканамічных заканамернасцей, а хутчэй – да апісання эвалюцыі і развіцця сусветнай і краёвай народнай гаспадаркі.

У пачатку сваёй працы В. Страйноўскі змясціў кароткі нарыс (у спасылцы на 3-х старонках) па гісторыі эканамічнай навуцы. На яго думку, як навука палітычная эканомія склалася ў другой палове XVIII ст.; яна брала свой пачатак у працах фізіякратаў (Ф. Кенэ, М. дэ ля Рыв’ер, Дзюпон Нямур), затым працягвалася ў творы А. Сміта, і скончвалася ў працах Ж.Б. Сэя і Г. Шторха (падручнік свайго брата Г. Страйноўскага тут ён не ўзгадвае). Прычым, як лічыў В. Страйноўскі, яшчэ не існуе твора, у якім па парадку і з дастатковай яснасцю была б выкладзена эканамічная навука, і менавіта гэта падштурхнула яго ўзяцца за такую справу (па прызнанні вучонага, калі б яму патрапіў такі замежны твор, то ён не пісаў бы свой, а проста пераклаў бы той, які ўжо існуе). В. Страйноўскі хоць і назваў А. Сміта “вялікім эканамістам” [5, T.1, c. 391], але вельмі стрымана адазваўся аб яго фундаментальнай працы “Багацце народаў”; на думку В. Страйноўскага, яе асноўны недахоп палягае ў тым, што А. Сміт “прадставіў шмат справядлівых звестак для ўжо багатых народаў, такіх, напрыклад, як Ангельшчына, але не выклаў сапраўднай і зразумелай навукі для тых народаў, якія пакуль не могуць зраўняцца з іншымі ў сваіх багаццях” [5, с. ІІІ]. Заўважым, што гэтыя абвінавачанні вельмі нагадваюць тыя, якія пазней выказваў Ф. Ліст у бок ангельскай палітэканоміі. У сваім кароткім аглядзе В. Страйноўскі даў таксама разбор прац Ж.Б. Сэя (1814) і Г. Шторха (1815). На яго поглад, у Сэя няма нічога новага, чаго ўжо не было ў працах Кенэ, Рыв’ера і Сміта. Што датычыцца Шторха, то, паводле В. Страйноўскага, ён заслугоўвае пахвалы за тое, што сабраў многа звестак і растлумачыў іх, аднак у саміх асновах навукі ва ўсім паследваў за Ж.Б. Сэем. 

У сваіх фундаментальных творах В. Страйноўскі выказаў шэраг слушных думак. Так, ён вылучаў наступныя фактары, якія ўплываюць на даходнасць зямлі (зямельную рэнту): урадлівасць глебы, ўдалённасць ад рынку сбыта (вялікага гораду), а таксама ад хаты гаспадара, колькасць насельніцтва (чым больш люднасць, тым лепей – па В.С.), клімат, штогадовае спажыванне вырабаў у самой краіне (унутраны попыт). Ён лічыў, што месцазнаходжанне каля вялікага гораду, а таксама непадалёку ад шляхоў зносін, узбагачае акругу; і прыводзіў прыклад Ангельшчыны, тэрыторыя якой амаль ўся блізка знаходзіцца к мору, і тым не менш, урад якой не шкадуе грошаў на развіццё шляхоў зносін [3, c. 58]. Цана зямлі, па В. Страйноўскаму, падвышаецца па меры “павелічэння люднасці, паляпшэння земляробства, распаўсюду ўнутранага і знешняга гандлю” [3, c. 63]. У гэтых выказваннях, праглядваюцца думкі, якія пазней развіваў Й. Цюнен, і якія складаюць сёння падмурак сучаснай тэорыі размяшчэння вытворчасці.

На думку В. Страйноўскага, грошы злучаюць людзей і народы ўсяго свету, уводзяць агульную адукацыю, зацвярджаюць права ўласнасці, ажыўляюць прамысловасць, працу і гандаль ва ўсім свеце. Грошы з’яўляюцца мэтай усіх спраў, а гісторыя іх паходжання і сутнасць вельмі цесна звязаны з гандлем, які выцякае з патрэб людзей. Таму, у прыватнасці, “забарона на вываз грошаў за мяжу ніколі не была і не можа быць дзейнаcнай, а таму не патрэбна і шкодліва. Такія забароны парушаюць сувязі з усім светам. А каб яна мела сваё дзеянне, дык павінна была б таксама пашырацца і на ўвоз грошаў. Земляробчы ж край (заўвага. калі сёння казаць у адносінах да Беларусі, то прамыслова-аграрны) абагашчаецца толькі гандлем, а забарона аб вывазе грошаў, гэта забарона гандлю” [5, c. 8]. Далей, В. Страйноўскі дае тлумачэнне, “самі па сабе грошы не складаюць дзяржаўнага багацця, а ўваходзяць у край за роўную цэннасць тавараў, ці інакш кажучы, набываюцца за мяжой за вырабы свайго краю, і для таго нятрэба забараняць узаемны продаж гэтых грошаў за замежныя тавары” [5, c. 8]. Фактычна, тут бліскуча сфармулявана думка аб неадпавядальнасці эканамічнаму сэнсу палітыкі, накіраванай на абмежаванне імпарту тавараў, і тое, што менавіта дзякуючы імпарту замежных тавараў адбываецца выроўніванне развіцця больш беднага краю ў параўнанні з больш багатымі краінамі. Паняцце аб неабходнасці падтрымання актыўнага баланса ў гандлі з іншымі краінамі, В. Страйноўскі, таксама, справядліва, лічыць памылковым, бо насельніцтва не можа набыць за мяжой тавараў больш за ту суму грошаў, якую яно выручыла ад продажу ўласных вырабаў (гэта пры ўмове, што сама дзяржава не спрыяе друкаванню, ці чэканцы, лішніх грошаў). Калі ж, па нейкім прычынам грошаў у дзяржаве сцячэцца зверх нормы, то, на думку В. Страйноўскага, нават лепей, каб яны выходзілі за мяжу (заўвага. напрыклад, у выглядзе экспарту капітала), а калі гэтага не атрымліваецца, то застаецца апошні сродак – зарываць іх у зямлю (па сучаснаму кажучы, забіраць іх з грашовага абароту Нацбанку, выкрыстоўваючы інструменты грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі). Трэба заўважыць, што такія погляды на грошы і гандаль адпавядаюць больш фізіякратам, хоць яны амаль у такім выглядзе перайшлі і да класікаў.

Вельмі цікавымі з’яўляюцца звесткі аб так званых кантрактах, якія, паводле В. Страйноўскага, дзейнічалі ў Кіеве, Мінске, Вільне, Навагрудку, і іншых гарадах. У вызначаны час памешчыкі з розных правінцый з’язджаліся ў адно месца для ўладкавання сваіх спраў – прадавалі і набывалі маёнткі, рабілі і давалі пазыкі; пры гэтым цэны і працэнты вызначаліся шляхам канкурэнцыі паміж прадаўцамі і пакупнікамі [3, c. 142]. Трэба заўважыць, што кантракты, фактычна, з’яўляліся прататыпам сучасных валютна-фінансавых біржаў, і В. Страйноўскі казаў пра іх карыснасць і пра тое, што іх трэба арганізоўваць па ўсяму краю; што іх дзейнасць – гэта барометр абарачэння грошаў у краю, сапраўдны спосаб высветліць кошт грошаў і працэнтных ставак. Такія гістарычныя звесткі і іх ацэнка мясцовымі эканамістамі з мінулага, сёння з’яўляюцца палезнымі ў справе асэнсавання неабходнасці і магчымасці пераходу сучаснай Беларускай валютна-фінансавай біржы на рынкавы спосаб функцыянавання.

Асобна трэба сказаць, што на працягу ўсёй працы В. Страйноўскага (1816) заўважны яго нападкі на А. Сміта. Асабліва гэта бачна па тых пытаннях, дзе А. Сміт крытыкуе фізіякратаў; там В. Страйноўскі яўна эмацыйна выступае ў падтрымку апошніх, і асабліва абараняе Ф. Кенэ. В. Страйноўскі так і не прыняў палажэнне А. Сміта, а за ім і Ж.Б. Сэя і Г. Шторха, аб тым, што любая праца, і прамыслоўца, і гандляра, і вучонага, а не толькі аднаго земляроба, стварае прырост чыстага даходу. Як і Ф. Кенэ, як і Г. Страйноўскі, ён даказвае гэта на прыкладзе ўласнай эканамічнай табліцы. Яго пазіцыя па гэтаму падзяляльнаму паміж фізіякратамі і класікамі пытанню, паказвае, што ў сваіх эканамічных поглядах В. Страйноўскі ўсё ж не выйшаў за межы канцэпцыі фізіякратыі.

Літаратура
1. Stroynowski Waleryan Duch prawa o bankructwach I dawności ziemskiéy. Łuck. 1808.
2. Stroynowski Waleryan O ugodach dziedziców z włościanami. Wilno. 1808.
3. Стройновский В. О соглашении помещиков с крестьянами. Вильно. Пер. с польск. 1809. – 216 с.
4. Stroynowski Waleryan Ekonomika powszechna Kraiowa narodów. Warszawa. 1816.
5. Стройновский В. Всеобщая экономия народов. Варшава. Пер. с польск. В 4-х т. 1817. – 653 + 593 + 777 + 438 с.

Літ. Акуліч У.А. Эканамічныя погляды Валерыяна Страйноўскага // Управление в социальных и экономических системах: М-лы XVІ международной научно-практической конференции. – Мн.: Изд-во МИУ, 2007. – С. 148-153

Крыніца: ЭКОНОМИКА.BY

Read more...

Миссия

Продвигать аналитику для информирования и выработки доказательной политики, адвокатировать развитие частного сектора.

Портал ЭКОНОМИКА.BY

О портале

For using special positions

https://ekonomika.by

For customize module in special position

https://ekonomika.by

Template Settings

Color

For each color, the params below will give default values
Blue Green Red Radian
Select menu
Google Font
Body Font-size
Body Font-family