wrapper

Новости - слайдер на главной

Аграрнікі-марксісты. Нічым неабгрунтаваныя палажэнні, якія пачалі навязваць гэтак званыя аграрнікі-марксісты ў канцы 1920-х гадоў, спасылаючыся ці прыкрываючыся марксісцкай тэорыяй, заключаліся ў наступным. Выкарыстанне наёмнай працы (калі адзін чалавек наймаў на працу другога чалавека) аб’яўлялася злачынствам, бо лічылася, што той, хто наняў на працу, займаецца эксплуатацый і нажываецца на тым чалавеке, якога ён наняў. Трох ці чатырох фактарная мадэль даходаў класічнай школы палітэканоміі (зямля, капітал, праца, прадпрымальніцтва) не прызнавалася, а лічылася, што даход стварае толькі адзін фактар вытворчасці – непасрэдная праца. Яны таксама лічылі, што буйныя формы сельгасвытворчасці абавязкова эфектыўней дробных форм гаспадарання (хоць вядома, што ў шэрагу краін, напрыклад, у той жа Даніі, і сёння адсутнічаюць буйныя жывёлагадоўчыя комплексы, а вытворчасць вядзецца толькі на сямейных фермах). Заможныя і культурныя сялянскія гаспадаркі, ці інакш кажучы лепшыя гаспадары, якія паспелі ўзняцца ўжо пасля таго як самі выкупілі зямлю, ці атрымалі яе падчас рэвалюцыі 1905 г., нават тыя, якія не выкарыстоўвалі наёмную працу, аб’яўляліся так званымі “кулакамі”, высяляліся з Беларусі разам са сваімі сем’ямі. Ва ўмовах бальшавіцкай улады прычыны абвінавачання ў дачыненні да прыватных гаспадароў адшукваліся самыя розныя і часта ўводзіліся заднім чыслом (напрыклад, калі яны раней выкарыстоўвалі наёмную працу, адмаўляліся ўступаць у калгас, крытыкавалі савецкую ўладу). Такімі спосабамі знішчаліся сапраўдныя гаспадары ў вёсцы, знішчаліся традыцыі прыватнай уласнасці на зямлю, знішчалася індывідульная псіхалогія беларускіх сялян. Але гісторыя хутка забываецца. Сёння многія не толькі не памятаюць, але і не вераць увогуле ў тое, што ў Беларусі некалі была сельская гаспадарка, якая развівалася на аснове прыватнай уласнасці на зямлю, і што зямлёй гэтай валодалі не толькі паны, але і звычайныя сяляне; кажуць, у нас такога ніколі не было. У гэтай сувязі цікавым прадстаўляецца факт з гісторыі развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі: на момант правядзення суцэльнай калектывізацыі, у БССР кожная пятая сялянская гаспадарка (20%) былі хутарской ці атрубной. Гэта аргумент супраць тых, хто дагэтуль ліча, што ў нашых людзей заўсёды была схільнасць да калектывізму. Каб яшчэ больш аправергнуць падобныя меркаванні прывядзем думку на гэту конт беларускіх эканамістаў, якая выказвалася ў канцы 1920-х г., перад самым пачаткам суцэльнай калектывізацыі. Так у “Перспектыўным плане народнай гаспадаркі БССР на 1927/28-1931/32 гг.” сцвярджалася, што “калектыўныя формы землекарыстання вельмі слаба прышчэпліваюцца сярод сялянства Беларусі, галоўным чынам, мабыць таму, што выхаваны на працягу шмат дзесяцігоддзяў на прынцыпах адзінаасобнага землекарыстання, селянін-беларус не мае яшчэ пакуль відавочных станоўчых вынікаў аграмаджанай гаспадаркі” [1, с. 72].

 

Многія цяпер не разумеюць, чаму ў савецкія часы вучоныя-эканамісты, як адзін, усхвалялі марксісцка-ленінскае вучэнне, а затым, як толькі Савецкі саюз разваліўся, большасць адмежавалася ад яго. Справа ў тым, што яшчэ да вайны, у пачатку 1930-х гг. (чаго не памятаюць многія прадстаўнікі пасляваенных савецкіх пакаленняў беларускіх эканамістаў) савецкай уладай былі створаны такія ідэалагічныя варункі, што эканамічная навука магла развівацца толькі ў ролі інтэрпрэтатара ці дадатка да марксісцка-ленінскага вучэння. Нават такія эканамісты, як Г. Гарэцкі, К. Кіпрыянец, Б. Бойка, Т. Плятнер, С. Ждановіч, А. Ярашчук, Р. Бонч-Асмалоўскі, і ў нейкай ступені нават А. Смоліч, пра якіх мы сёння пішам як пра прарынкавых і празаходніх эканамістаў, у канцы 1920-х гг. пачалі ўжо пад прымусам пераходзіць на пазіцыі марксізму-ленінізму (напрыклад, сталі падтрымліваць калектывізацыю, класавы падыход). І калі б іх не рэпрэсавалі, то хутчэй за ўсё выдавалі б такія ж ідэалагізаваныя працы, характэрныя для 1930-х гг. ці для 1950-х гг. Усё ж такі быў той час: калі устаноўкі з боку ўладаў цалкам вызначалі змест навукі, якая ператваралася з сапраўднай навукі – у сродак папулярызацыі і тлумачання рашэнняў уладаў. Сёння некаторыя закідаюць тым пакаленням беларускіх эканамістаў, а менавіта, як можна было пісаць пра тое, у што не верыў, тады трэба было зусім не працаваць у той сферы. На гэта можна адказаць так: не чалавек выбірае сферу заняткаў, ці свой лёс, а сфера заняткаў і лёс выбіраюць чалавека. У тыя часы займацца эканамічнай навукай можна было толькі пры ўмове, што чалавек браў на сябе абавязкі развіваць яе праз прызму і ўсхваляць вучэнне марксізма-ленінізма (ідэалагічны кантроль з боку ўладаў быў пастаўлены так жорстка, што ні адна кніга не магла пабачыць свет, калі яна не змяшчала ўсхваленне гэтага вучэння). Гэта патрабаванне ўладаў да навукоўцаў, на момант яго ўзнікнення, вельмі добра растлумачыў аграрнік-марксіст П. Панкевіч, адзін з аўтараў абвінаваўчых артыкулаў у пач. 1930-х гг.: “Навука без марксізму па-сутнасці не можа быць сапраўднай навукай. Нельга займацца навуковымі доследамі без таго, каб не апірацца на дыялектычны матэрыялізм. [Асабліва] патрабуюць выключнай ідэалагічнай вытрыманасці – грамадскія дысцыпліны” [2, с. 19]. І далей, самае галоўнае, – “Перад навуковымі працаўнікамі і наогул перад інтэлегенцыяй цяпер можа стаяць толькі адна дылема: ці за лінію камуністычнай працы, ці супраць яе. Ніякай другой прамежнай лініі тут не можа быць. А паміж іншым, ёсць група навуковых супрацоўнікаў, якая лічыць сябе нейтральнай. З гэтай групай мы павінны змагацца таксама, як змагаемся з адкрытымі нашымі ворагамі. Калі ідзе інтэнсіўная будоўля сацыялізму і разгортваецца класавая барацьба, не можа быць нейтральных, якія б аднолькава ставіліся і да нашай лініі і да лініі нашых ворагаў. Такая прамежная пазіцыя – нейтральнасць ёсць толькі манеўр гэтай групы схаваць пад выглядам нейтральнасці свой сапраўдны твар, сваю класавую нянавісць да пралетарыяту і варожасць да сацыялістычнага будаўніцтва. Таму разблакаваць “нейтральных” і з імі рашуча змагацца ёсць важнейшая задача бліжэйшага часу” [2, с. 15].

 

Спасылкі па тэксту:

1.       1. Материалы к пятилетнему перспективному плану народного хозяйства БССР на 1927/28-1931/32 гг. / И. Петрович, Р. Бонч-Осмоловский, Д. Архангельский, А. Шейнин, и др. Под ред. М. Карклина.  Мн. 1927. – 399 с.

2.       2. Панкевіч П. Класавая барацьба на навуковым фронце // Асвета. 1929. С. 12-22

 

Аўтар: У.А. Акуліч

 

Паводле кнігі: Сацыяльна-эканамічныя праекты ў працах беларускіх эканамістаў (2-я палова ХІХ – 1-я трэць ХХ ст.). / Аўтар-укладальнік У.А. Акуліч. Пад навук. рэд. П.Г. Нікіценкі. – Мн.: Беларуская навука, 2008. 413 с. – С. 366-367

 

Крыніца: ЭКОНОМИКА.BY

Leave a comment

Миссия

Продвигать аналитику для информирования и выработки доказательной политики, адвокатировать развитие частного сектора.

Портал ЭКОНОМИКА.BY

О портале

For using special positions

https://ekonomika.by

For customize module in special position

https://ekonomika.by

Template Settings

Color

For each color, the params below will give default values
Blue Green Red Radian
Select menu
Google Font
Body Font-size
Body Font-family