wrapper

Новости - слайдер на главной

Беларускі эканаміст, дарадца-адміністратар і памфлеіст. Беларус, які дасягнуў за мяжой пэўнай вядомасці сваімі праектамі па ўдасканаленні гаспадаркі Прусіі.

Нарадзіўся 12 верасня 1712 года на Навагрудчыне ў сям’і навагрудскага кашталяна – заможнага, уплывовага шляхціца.

Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Потым працягваў вучобу ў Берліне.

У 1733 годзе з’ехаў у Германію, дзе стаў саветнікам юстыцыі караля Фрыдрыха ІІ. У 1760 годзе напісаў эканамічны трактат “План, які не з’яўляецца нормай” і выдаў яго ў Бернбергу.



Аб навуковай значнасці трактата С.М. Аскеркі "План, які не з'яўляецца нормай. Урыўкі з артыкула " Акуліч У. Аб навуковай значнасці трактата С.М. Аскеркі “План, які не з’яўляецца нормай // XIV международная научно-практическая конференция «Управление в социальных и экономических системах”. 11 декабря 2005 г. Минск. Материалы конференции. – Мн.: Изд-во МИУ, 2005. – 380 с. С. 121-124" (заўвага. Назва ў загалоўке – гэта скарочаны назоў гэтага трактата, які замацаваўся ў беларускай літаратуры):

У гісторыі эканамічнай думкі Беларусі найменш даследаваным застаецца сярэдневечны перыяд: ад вытокаў да Новага часу (1520-1770). Прычым такі стан рэчаў не з’яўляецца характэрным толькі для нашай краіны. Нават у такіх вялікіх еўрапейскіх краінах, як Англія ці Францыя, таксама ў свой час былі праблемы з засваеннем сярэдневечнай лацінамоўнай навуковай спадчыны. Гэта справа не аднаго году скласці бібліяграфію асноўных эканамічных трактатаў таго часу і перакласці іх на сучасную нацыянальную мову. Праўда адна асаблівасць у Беларусі ўсё ж захаваецца. Контррэфармацыя, якая перамагла калісці на беларускіх землях, дазваляе загадзя прадказаць беднасць вынікаў у пошуках свецкай эканамічнай літаратуры, асабліва ў перыяд 1650-1770 гады. 

Як раз да гэтага перыяду адносіцца трактат ураджэнца Беларусі С.М. Аскеркі “Неабавязковы план найхутчэйшага асваення пусткавых зямель у Брандэбургскай марцы” (1762). Ён быў адкрыты дзякуючы намаганьням прафесара Сцяпана Янчанкі (1924-1999), які адшукаў яго ў Пецярбургскай бібліятэке імя Салтыкова-Шчадрына, і падрыхтаваў да перавыдання ў 1995 годзе. Той гучны факт, што трактат уяўляў сабой шэраг парад па ўдасканаленні гаспадаркі Прусіі і быў адрасаваны каралю Фрыдрыху ІІ,  трохі прыкрыў рэакцыйнасць самаго яго зместу. Можна зразумець беларускага прафесара, які імкнучыся надаць рэзананс свайму адкрыццю (а яно сапраўды вартае ўшанавання), паказаў толькі яго моцныя бакі, і схаваў недахопы [1, с. 49-53; 2, c. 43]. Цяпер С.М. Аскерка ўзгадываецца ў беларускіх энцыклапедыях, падручніках, навуковых артыкулах, і надышоў час даць аб’ектыўныю ацэнку навуковай значнасці гэтага трактату.

Добрым крытэрам для такой ацэнкі з’яўляецца параўнанне трактата С.М. Аскеркі з працамі фізіякратаў, і асабліва іх лідэрам Ф. Кенэ. Бо існуюць пэўныя падабенства ў лёсе аднаго і другога: і Ф. Кенэ, і С.М. Аскерка, не мелі ўніверсітэцкай адукацыі, а першую цікавасць да эканамічнай навукі праявілі займеўшы маёнткі і пажадаўшы ўзняць іх гаспадарку. Абодва працавалі над сваімі першымі эканамічнымі трактатамі ў пачатку 1760-х гг., калі Францыя і Нямеччына ў сельскай гаспадарцы былі адсталымі краінамі, у параўнанні з той жа Англіяй. Аднак яны прапанавалі супрацьлеглыя падыходы да вырашэння адной і той жа праблемы. Ф. Кенэ ўжо ў першым сваім эканамічным артыкуле “Фермеры” (1756) адстойваў пазіцыю, што сяляне-арэндатары вядуць гаспадарку больш эфектыўна, чым прыгонныя сяляне, і схіляўся да капіталістычнага альбо фермерскага спосабу вядзення сельскай гаспадаркі па ангельскаму ўзору. С.М. Аскерка ж прычыну беднасці і эканамічнай адсталасці бачыў у ляноце і абыякавасці сялян, і верыў у тое, што пры дапамозе ўзмацнення прыгонніцтва і прымусу можна ператварыць гультаяватых людзей у працавітых, і праз гэта зрабіць дзяржаву заможнай (словы “гультай” і “прымусіць”, а таксама іх эквіваленты, сустракаюцца на 37 старонках трактата адпаведна 20 і 18 разоў). Ляноту народа С.М. Аскерка параўноўваў з застоем крыві ў арганізме, у той час, як Ф. Кенэ лічыў, што клапанамі ў гэтым арганізме з’яўляюцца землеўладальнікі, якія не даюць застаяцца крыві тады, калі спраўна пакідаюць сялянам патрэбную для іх развіцця частку выручкі.

Некаторыя беларускія даследчыкі нават аднеслі С.М. Аскерку да фізіякратаў [3, с. 104]. Магчыма падставу так думаць дала зробленая ім спасылка на другую частку (усяго іх было шэсць) трактата французскага фізіякрата В. Мірабо “Сябар чалавека, альбо трактат аб народанасельніцтве” (1756). Але кантэкст, у якім была зроблена спасылка на В. Мірабо, канцэптуальна супярэчыць тэорыі фізіякратыі. С.М. Аскерка зазначае, што В. Мірабо лічыў, што “падпарадкаванне  народа не ў тым, каб ён даваў прыбыткаў больш, альбо менш, а ў тым, каб ён даваў прыбыткаў больш, чым атрымоўваў”. І прыводзіць гэту цытату, каб падмацаваць уласную пазіцыю: “Трэба рабіць як у нас у Польшчы, – пазычаць селяніну грошы пад вялікія працэнты, аблагаць іх падаткамі, аброкам, дзесяцінай і іншымі паборамі, але так, каб той не вельмі заўважаў, колькі ён страчвае ў сваёй гаспадарцы” [1, с. 21]. Фізіякраты ж сцвярджалі адваротнае: што чысты прадукт, які з’яўляецца крыніцай першапачатковага багацця, ствараюць толькі земляробы, і калі землеўладальнік не будзе вяртаць земляробу патрэбную частку выручкі, якая складае штогадовыя выдаткі і першапачатковыя ўкладанні, то гэта прывядзе да заняпаду гаспадаркі, і земляроба, і землеўладальніка. Хутчэй за ўсё В. Мірабо ў гэтым выказе меў на ўвазе, што дасканаласць земляробства і выгоды ад яго трэба вымяраць не па колькасці штогадовых выдаткаў земляроба, а па іх суадносінах да чыстага прыбытку. Гэта значыць, што калі памнажэнне штогадовых выдаткаў (або выручкі земляроба) вядзе да павелічэння чыстага прыбытку (выручкі пана), то такое памнажэнне ідзе на карысць; і, наадварот, калі памяншэнне штогадовых выдаткаў (або выручкі земляроба) вядзе да памяншэння чыстага прыбытку пана, то такая эканомія, прыносіць яму шкоду. У сваёй сумеснай працы “Філасофія земляробства ці Агульная і палітычная эканомія сельскай гаспадаркі” (1763) В. Мірабо і Ф. Кенэ сцвярджаюць, што ўсе астатнія класы жывуць за кошт чыстага прыбытку, які першапачаткова стварае земляроб-селянін, хоць і вынаходліва абгрунтоўваюць, чаму ён павінен большую частку сваёй выручкі адлічаць землеўладальніку. Зусім інакш ліча С.М. Аскерка: “ўсе астатнія станы дзяржавы жывуць за кошт паноў…  там, дзе шляхта нічога не мае, там ні селянін, ні местачковец, нічога саліднага набыць не можа” [1, c. 17]. Такім чынам, С.М. Аскерка, альбо не зразумеў думкі французскага фізіякрата, або свядома пераўначыў яе змест, прывёўшы ў іншым кантэксце.

Надуманай з’яўляецца таксама спроба залічыць С.М. Аскерку да асветнікаў. Напрыклад, калі С. Янчанка зазначае: “С.М. Аскерка бачыў, што перспектыву сацыяльна-эканамічнага развіцця ўсё больш акрэслена выяўляла Заходняя Еўропа, якая скідывала путы феадальных дачыненняў” і што ў гэтым кантэксце ён спасылаўся “на вялікіх асветнікаў і гуманістаў Мантэск’ё і Юма” [1, с. 51]. На самой справе, С.М. Аскерка вырывае з кантэксту вядомых асветнікаў і прыводзіць цытаты з іх працаў, каб абгрунтаваць уласную супрацьлеглую пазіцыю, што ні ў якім разе нельга даваць сялянам свабоду, а наадварот трэба ўзмацняць прыгон, каб дабіцца ад іх яшчэ большай аддачы. Напрыклад, ён цытуе Давіда Юма: “Люд паспаліты дазваляе кіраваць сабой не розумам, а сілай” [1, c. 20]. Але ж добра вядома, што з агульнага зместу прац Д. Юма выцякае дактрына эканамічнага лібералізму, пад уплывам якой знаходзіўся ягоны сябар А. Сміт. Увогуле трэба адзначыць, што на працягу ўсяго трактату заўважна ганебнае і жорсткае стаўленне С.М. Аскеркі да сялян: ён параўноўвае іх з авечкамі і іншым быдлам, прапануе скасаваць іх права звяртацца на пана ў суд, адмаўляе сялянам у магчымасці рацыянальна мысліць (кажа “атупелыя, ні на што не здатныя людзі… не ім меркаваць, што слушнае або не слушнае ў той ці іншай справе”) [1, c. 16, 21, 36]. Прычым часцяком у якасці запазычаных станоўчых прыкладаў для развіцця сельскай гаспадаркі Прусіі бяруцца рэакцыйныя парадкі Польшчы (пад якой без сумнення маецца на ўвазе Беларусь), дзе па яго ж выразу “пануе абсалютнае прыгонніцтва”. Напрыклад, ён піша: “У Польшчы пан дасягае свайго высокага ўзроўню самым простым спосабам: спойвае сваіх прыгонных, будуе корчмы, гоніць гарэлку, варыць медавуху…” [1, c. 21]. Гэта ў той час, калі ў ВКЛ, на яго Бацькаўшчыне, знаходзілася нямала прыхільнікаў Асветніцтва (найбольш вядомыя, П. Бжастоўскі, Я. Храптовіч, Г. Страйноўскі), якія бачылі як раз у прыгонніцтве сялян прычыну гаспадарчага заняпада краю і прапанавалі розныя праекты яго скасавання; даводзілі пра перавагі фермерскага спосабу вядзення сялянскай гаспадаркі, заснаванага на прыватнай уласнасці на зямлю і наёмнай працы. І таксама ў той час, калі ў Францыі пачынаецца эпоха Асветніцтва, аб чым С.М. Аскерка не мог не ведаць, бо нават на Д. Юма спасылаецца з французскага пераклада.

У некаторых энцыклапедычных даведніках С.М. Аскерка ўвогуле пазначаецца як папярэднік сацыял-утапістаў – К. Сэн-Сімона, Ш. Фур’е і Р. Оўэна [4, с. 28]. Магчыма да такой аналогіі і былі пэўныя падставы, бо прынцыпы, на якіх пабудаваны праект С.М. Аскеркі сапраўды з’яўляюцца ўтапічнымі, як і асобныя яго прапановы. Напрыклад, як утапіст выступае С.М. Аскерка з ідэяй апякунства, калі фактычна прапануе трымаць апекуноў, як пры падлетках, так і пры дарослых, каб прымусіць іх прылежна працаваць і не красці. Ці прапанова захоўваць ключы ад скарбонкі, дзе селянін трымае грошы, у судовых уладаў, альбо святара. Але трэба прызнаць, што большасць яго прапаноў маюць хоць і жорсткі, але рэалістычны змест. Некаторыя з іх з’яўляюцца нават слушнымі. Напрыклад, парады па ўдасканаленні банкаўскай і судовай спраў,  крэдытнай і страхавой сістэм Прусіі.

Трэба таксама адзначыць, што ў апошнія гады С.М. Аскерка стаў прыцягальным аб’ектам да стварэння мітаў. Нядаўна, ў даведніку “Памяць Слуцкага раёну” з’явілася інфармацыя, што ён з’яўляецца першым эканамістам у свеце, які ўвёў ва ўжытак паняцце “плян”. Як удалося прасачыць, стварэнне гэтага міту, спачатку з лёгкай рукі прафесара С. Янчанкі была выказана думка, што С.М. Аскерка ўвёў у навуковы ўжытак паняцце “плян”, а затым аўтар у вышэйзгаданым даведніку беспадстаўна дадаў, што беларускі эканаміст быў першым.

Такім чынам, С.М. Аскерка не быў, ні фізіякратам, ні асветнікам, ні ўтапістам. Да якой жа тады плыні, з пункту гледжання сучаснай класіфікацыі ў эканамічнай навуцы, можна яго аднесці? На маю думку, да С.М. Аскеркі лепей падыходзіць найменнік, запазычаны з класіфікацыі Я. Шумпетэра, – дарадца-адміністратар і памфлеіст. Прычым са значным папулісцкім ухілам. Нягледзячы на недахоп прадстаўнікоў свецкай эканамічнай думкі ў Беларусі, не трэба хапацца за кожнага першага і ствараць міты пра іх значныя навуковыя дасягненні. Трактат С.М. Аскеркі рэакцыйны па сваім змесце нават для таго часу, калі быў напісаны, – эпохі Асветніцтва, альбо Новага часу. У лепшым выпадку С.М. Аскерка заслугоўвае ўзгадкі ў гісторыі эканамічнай думкі Беларусі, як беларус, які дасягнуў за мяжой пэўнай вядомасці сваімі праектамі па ўдасканаленні гаспадаркі Прусіі.

Памёр пасля 1762 года.


Спасылкі па тэксце:

1. Аскерка С.М. Неабавязковы план дзеля найхутчэйшага асваення пусткавых земляў у Брандэбургскай марцы. Пер. з ням. З пасляслоўем С. Янчанкі. Мн.: Тэхналогія, 1995. – 53 с.

2. Янченко С.  Прусский монарх прислушивался к советнику-белорусу // Дело, 1993. №4. С. 43

3. Мусич Л.Б. Из истории экономической мысли Беларуси XVI-XVIII вв. (материалы к лекции) // Веснік БДЭУ, №5-6, 1999. С. 102-106.

4. Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік – Мн.: БелЭН, 2001. – 496 с.


Крыніца: Акуліч У. Аб навуковай значнасці трактата С.М. Аскеркі “План, які не з’яўляецца нормай // XIV международная научно-практическая конференция «Управление в социальных и экономических системах”. 11 декабря 2005 г. Минск. Материалы конференции. – Мн.: Изд-во МИУ, 2005. – 380 с. С. 121-124

 

Источник: ЭКОНОМИКА.BY

Leave a comment

Миссия

Продвигать аналитику для информирования и выработки доказательной политики, адвокатировать развитие частного сектора.

Портал ЭКОНОМИКА.BY

О портале

For using special positions

https://ekonomika.by

For customize module in special position

https://ekonomika.by

Template Settings

Color

For each color, the params below will give default values
Blue Green Red Radian
Select menu
Google Font
Body Font-size
Body Font-family